Публикации

Віншаванне з Днём міжнароднай салідарнасці працоўных ад старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага

1 мая - Міжнародны дзень салідарнасці працоўных мы ў гэтым годзе адзначаем як дзень беларускай салідарнасці ў змаганні за нашы грамадзянскія, палітычныя і працоўныя правы.


Мінуўшы год усяліў у нас веру і надзею на беларускі народ. Такіх праяваў салідарнасці як за мінуўшы год у нас не было напэўна ніколі.

Час пандэміі ўзняў грамадзтва на падтрымку медыкаў, якіх кінула дзяржава практычна безабароннымі перад навалай каронавірусу.

Перадвыбарчы час пашыхтаваў грамадзянаў у кіламятровыя чэргі дзеля дасягнення агульнай мэты- змены апастылеўшай улады.

Пасьля скрадзенага выніку выбараў мы выйшлі маршамі па сотняў тысяч маніфестантаў, патрабуючых сыходу ўзурпатараў.

Адказам на жорсткія рэпрэсіі , забойствы і катаванні стала масавая падтрымка ахвяраў – як маральная так і матэрыяльная.

Салідарнасць- гэта вялікая сіла, якую не зможа перамагчы ніякая антынародная улада.

Салідарнасць- гэта калі мы разам. Салідарнасць- гэта інструмент змагання. Галоўны складнік змагання – гэта вера ў перамогу.

Наша мэта змагання – гэта больш чым змена ўлады. Наша мэта – гэта непарушнасць правоў грамадзян з боку дзяржавы. У тым ліку правоў на годную працу, на аб'яднанне ў незалежны ад наймальніка прафсаюз.

У гэтым змаганні мы маем падтрымку і салідарнасць таксама вялікай колькасці прафсаюзаў іншых краін, міжнародных прафсаюзных аб'яднанняў, мільёнаў працоўных усяго свету.

Мы пераможам! Віншую са святам!

Жыве Беларусь!

Старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага
Мікалай Шарах
Профсоюз Мир История
Made on
Tilda